Сезон 2:
Выйшаў другі выпуск другога сезона падкаста OM – Open Muzej: (Un)framed
ОM Podcast
Выйшаў другі выпуск другога сезона падкаста OM – Open Muzej: (Un)framed
1.08.2026
ОM Podcast

У гэтым эпізодзе вяртаемся ў канец 1980-х і пачатак 1990-х – перыяд, калі паслабленне савецкай сістэмы адкрыла магчымасці для ўзнікнення нефармальных мастацкіх супольнасцяў, незалежных ініцыятыў і новых спосабаў творчага ўзаемадзеяння.
Разам з удзельнікамі фота-рок-асацыяцыі «Беларускі Клімат» Ірынай Сухій і Дзмітрыем Строцавым гаворым пра тое, як вакол сяброўства, выпадковых сустрэч і даступных прастораў паступова сфармавалася супольнасць, для якой мастацтва не было асобнай прафесійнай сферай, а станавілася спосабам жыцця і пазнання рэчаіснасці.
«Беларускі Клімат» не меў фіксаванай праграмы і не абмяжоўваў сябе адным медыумам. Яго ўдзельнікі працавалі на скрыжаванні фатаграфіі, музыкі, літаратуры, акцыянізму і гарадскіх практык, свядома пазбягаючы ўстойлівых жанравых і інстытуцыйных рамак.
Гаворым пра пераасэнсаванне Мінска і стварэнне ўласнай культурнай геаграфіі горада, пра кантакты з мастацкімі супольнасцямі ў Нарве, Грузіі, Даніі і Берліне, а таксама пра досвед легендарнага цэнтра Tacheles, які стаў важным пунктам сустрэчы з міжнароднай арт-сцэнай.
Але за энергіяй свабоды заставаліся Чарнобыль, закрытасць савецкага грамадства і адчуванне гістарычнай безвыходнасці. Менавіта з гэтага спалучэння нараджаўся культурны анархізм «Беларускага Клімату» – імкненне захоўваць незалежнасць, не падпарадкоўвацца іерархіям і не ператвараць жывую творчасць у застылую сістэму.
Таксама разважаем пра тое, як калектыўная энергія нефармальнага руху паступова трансфармавалася ў індывідуальныя творчыя траекторыі, але працягнулася ў літаратуры, выдавецкай дзейнасці, экалагічным актывізме і мастацкіх практыках яго ўдзельнікаў.
Вядучы: Багдан Хмяльніцкі
Вокладка: Сяргей Шабохін
Другі сезон падкаста (Un)framed выходзіць пры падтрымцы Nordic Media Grant Programme.
Паслухаць падкаст можна на платформах:
