Artists in Conversation: сустрэча з Умідай Ахмедавай, Алегам Карпавым і Міхаілам Гуліным у Pickle Bar
8 ліпеня 2026, 19:00
Pickle Bar
Stephanstraße 11, 10559 Berlin
8 ліпеня 2026 года ў берлінскім Pickle Bar адбылася сустрэча Artists in Conversation з удзельнікамі гасцявой рэзідэнцыі Ambasada Kultury: узбекскай фатографкай і кінааператаркай Умідай Ахмедавай, рэжысёрам, крытыкам і куратарам Алегам Карпавым, а таксама беларускім канцэптуальным мастаком Міхаілам Гуліным, які мадэраваў размову.
Падчас сустрэчы ўдзельнікі абмяркоўвалі культурную сістэму ва Узбекістане і яе магчымыя паралелі з беларускай сітуацыяй, у тым ліку суіснаванне афіцыйнай і незалежнай культуры. Асобная ўвага была нададзена мастацкім сувязям і супольнасцям у Цэнтральнай Азіі, сумесным праектам і спосабам, праз якія мастакі выбудоўваюць прафесійныя і чалавечыя сувязі па-за межамі дзяржаўных інстытуцый.
У размове таксама закраналіся візуальныя коды масавай культуры, трансфармацыя савецкай сімволікі і яе прысутнасць у публічнай прасторы і прыватных інтэр’ерах. Удзельнікі гаварылі пра тое, як змяняюцца сімвалы, якія вобразы становяцца часткай паўсядзённасці і як праз іх можна чытаць сацыяльныя і культурныя зрухі.
Частка дыскусіі была прысвечана мастацкім стратэгіям ва ўмовах цэнзуры, а таксама пытанню пра тое, як твор мастацтва можа стаць прадметам судовага разбору і пагрозы абмежавання свабоды. Асобна абмяркоўваліся рытуалы, штодзённасць і размеркаванне гендарных роляў у сучасным грамадстве.
Дзякуем Умідзе Ахмедавай, Алегу Карпаву і Міхаілу Гуліну за размову, а таксама ўсім, хто далучыўся да сустрэчы. Асобная падзяка Pickle Bar за гасціннасць і падтрымку гэтай падзеі.
